«Валіце ў сваю Беларусь, адкуль вас выгналі». Беларусы распавядаюць пра арэнду жылля за мяжою


Наталля кожны дзень адпраўляла па 30 паведамленняў і толькі 5 асобаў адказалі, што можна прыйсці паглядзець пакой. Пара беларусаў, толькі засяліўшыся ў кіеўскую кватэру, зразумела, што трэба шукаць новае жытло: вокны выходзілі на сонечны бок і тэмпература ў памяшкання дасягала 38 градусаў. У грузінскім Батумі сям’я вымушаная ўжо трэці раз шукаць жытло, бо якасць памяшканняў зусім не суадносіцца з коштам…

Рэпрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі прывялі да маштабнай палітычнай эміграцыі грамадзянаў краіны. Тысячы беларусаў цягам апошняга года асвоіліся ў Польшчы, Літве, Украіне, Грузіі… Натуральна, што на новых месцах гэтыя людзі сутыкнуліся з праблемай пошуку жылля. Пра ўмовы, цану і колькасць прапановаў арэнды мы запыталіся ў саміх беларусаў замежжа.

Варшава, Польшча. «Нам пашанцавала, бо многія шукаюць жыллё вельмі доўга»

Рэспубліка Польшча аказалася адным з асноўных напрамкаў для эміграцыі беларусаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. І значная доля ўцекачоў з нашай краіны выбірае ў якасці новага дому для сябе менавіта польскую сталіцу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ЮШ / Белсат

Беларуска Наталля пераехала ў Варшаву сёлета ўвесну, але ўжо паспела паспрабаваць самае рознае здымнае жыллё.

«Самае таннае ў Варшаве – гэта, напэўна, зняць пакой у гостэле, што каштуе ў раёне 600 злотых (130 евро). Але гэта «койка-месца», то бок у пакоі ты не будзеш адзін. Калі здымаць пакой у кватэры, то гэта будзе каштаваць ад 700 да 1500 злотых (150-325 еўра) прыблізна, усё залежыць ад памеру. Я спачатку жыла з хлопцам у пакоі, які раней каштаваў 950 злотых (205 еўра), але цяпер падаражэў да 1100 злотых (240 еўра) за дваіх. Сюды варта дадаць яшчэ і камунальныя паслугі – гэта 150 злотых (30 еўра) з чалавека».

Hавiны
Прымусовае пазбаўленне грамадзянства. Як рабілі камуністы і нацысты
2021.10.20 11:58

Дзяўчына прызнаецца, што здымнага жылля ў Варшаве хапае, але для іншаземцаў ёсць свае нюансы, да якіх варта быць гатовымі адразу.

«Мы асабіста шукалі жыллё нядоўга, але доўга не маглі знайсці арэндадаўцаў, якія б дазволілі паглядзець на кватэру жыўцом. Калі не ведаеш польскай мовы, з табой часта не хочуць мець справаў, каб не было ў выніку складанасцяў. Мы адпраўлялі паведамленні мінімум па 30 аб’явах, і толькі чалавек 5 адказвалі, што мы можам прыйсці паглядзець пакой. Мы паглядзелі тры пакоі – і на апошнім спыніліся. Але можна сказаць, што нам пашанцавала, бо многія шукаюць жыллё вельмі доўга».

Калі матэрыяльнае становішча палепшылася, Наталля разам са сваім хлопцам вырашылі зняць асобную кватэру. Гэтым разам дапамаглі знаёмыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«З кватэрай мы доўга не маглі вызначыцца, былі розныя варыянты, але ў выніку нам проста пашанцавала. Мой знаёмы расказаў пра салідарную змяшаную польска-беларускую сям’ю, якая здае кватэры ў Варшаве па адэкватных цэнах. Мы сазваніліся, паглядзелі кватэру і знялі. У выніку мы знялі маленькую двухпакаёвую кватэру бліжэй да цэнтру. Яна каштуе 2100 (455 еўра), але мы дамовіліся з арэндадаўцам, што ён не будзе браць з нас грошы за камунальныя паслугі. Часта аднапакаёвыя кватэры і студыі каштуюць мінімум 1600 злотых (350 еўра), усё залежыць ад раёну, у самых далёкіх раёнах можна пашукаць і за 1500 (325 еўра)».

Кіеў, Украіна. «Ад 8000 да 12000 грыўняў можна знайсці годную кватэру»

Беларусы, якія пераехалі ў Кіеў, сцвярджаюць, што арэнднага жылля ва ўкраінскай сталіцы хапае, і прапановы вельмі разнастайныя па цане і якасці.

«Мы шукалі кватэру ў красавіку 2021 года, але ў гэты ж момант ва Украіне ўводзілі локдаўн, у які мы трапілі, таму на пошук кватэры ў нас было толькі некалькі дзён. Разглядалі мы ў той момант дыяпазон коштаў ад 10000 да 12000 грыўняў (325-390 еўра), хацелася б танней, але тое, што каштавала менш, на жаль, выглядала настолькі дрэнна, што жыць там не хацелася. Першая кватэра была аднапакаёвай – на левым беразе Дняпра, каштавала яна 10000 грыўняў (325 еўра). Была мінімальная колькасць мэблі і тэхнікі, але ж выбару не было. Але калі мы глядзелі аб’явы, то на наш коштавы дыяпазон у розных кутках гораду было даволі шмат прапановаў. Але ў нашай сітуацыі ў нас проста не было магчымасці асабліва выбіраць».

Праз некалькі месяцаў пара зразумела, што варта шукаць іншую кватэру.

«Пачалася спёка. У кватэры вельмі няўдала размяшчаліся вокны – яны выходзілі на сонечны бок, таму тэмпература даходзіла да 38 градусаў, а кандыцыянера не было. Нам далі месяц, каб знайсці іншую кватэру. Мы разглядалі той жа коштавы дыяпазон і ўбачылі, што на кватэры побач з метро кошты былі ад 12000 да 14000 (390-460 еўра). Праехалі ўвесь горад, глядзелі кватэры і ў цэнтры, там таксама былі па 12000 грыўняў (390 еўра), але не шыкоўныя. Кватэры ў раёне 12000 грыўняў былі вельмі розныя: як з добрым рамонтам, так і «бабушатнікі». Гэта часцей залежала ад таго, у якой частцы гораду знаходзіцца кватэра. Але ў тым жа цэнтры можна было знайсці «бабушатнікі» і да 12000 (390 еўра)».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

У выніку беларусы знайшлі двухпакаёвую кватэру побач з мінулай за 12500 (410 еўра), гэты варыянт іх цалкам задавальняе.

«Я не магу сказаць, што знайсці жыллё ў Кіеве вельмі складана. Усё ўскладняецца толькі тым, ці ёсць у вас дзеці ці жывёлы, бо з імі гаспадары кватэраў не вельмі адгукаюцца. З намі быў кот, таму гаспадары нам адмаўлялі, хаця кватэры нас задавальнялі, і мы падабаліся гаспадарам. Праз гэта прайшлі не толькі мы, але і нашы знаёмыя. Але ўвогуле прапановаў вельмі шмат. Яны пачынаюцца ад 7000 грыўняў (230 еўра) – і да бясконцасці. Адзінае, у жніўні, калі павінны былі вярнуцца ў Кіеў студэнты, кошты папаўзлі ўверх. І дзесьці да кастрычніка яны трымаліся ў сярэднім даражэйшымі прыблізна на 2000 (65 еўра). Цяпер сітуацыя зноў вярнулася да нормы: ад 8000 да 12000 грыўняў (260-390 еўра) можна знайсці годную кватэру».

Артыкулы
Беларусы замежжа стварылі сэрвіс, каб уладкаваць землякоў, якія страцілі працу
2021.07.27 08:00

Вільня, Літва. «На цану жылля вельмі моцна ўплывае год пабудовы».

Па словах мясцовай беларускі Вікторыі, у Вільні кошты на жыллё па раёнах не вельмі адрозніваюцца, акрамя старога гораду – там яны заўжды вышэйшыя.

«Калі здымаць аднапакаёвую кватэру, то кошт будзе ў раёне 300-350 еўра, калі гэта не цэнтр і жытло старое, а калі ў сэрцы Вільні ці навабуд – 400 еўра і больш. Калі два пакоі – 400-450 за звычайныя кватэры і 500-600 і больш за новыя і стары горад. На цану жылля вельмі моцна ўплывае год пабудовы: новае яно ці старое. У новым жытле, напрыклад, камунальныя паслугі ніжэйшыя, тое ж ацяпленне рэгулюецца, і плаціць за яго даводзіцца менш. А ў Літве гэта вельмі дарагая паслуга. Для прыкладу, за два пакоі ты плаціш 100 еўра на месяц, у гэты ж час урад агучваў будучае падаражэнне паслугі на 60%. Не магу сказаць дакладна, ці выраслі кошты з масавым прыездам беларусаў у Літву, але попыт на жыллё дакладна павялічыўся. Дакладна ведаю толькі тое, што з прыездам беларусаў значна выраслі кошты на таксоўкі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ЮШ / Белсат

Іншы чытач Belsat.eu дзеліцца сваім досведам арэнды жылля ў Вільні:

«Шукаў кватэру сам, на агрэгатары аб’яваў. Патрабаванні былі наступныя: 2 спальні, кабінет, гасцёўня, наяўнасць побач парку і лесу, кандыцыянеры. Цана – 800 еўра за месяц і 150 за камунальныя паслугі. У выніку зняў жыллё ў раёне Жверынас (Звярынец) – самы дарагі раён у горадзе. Адзінае, давялося пакінуць залог у памеры двухмесячнага плацяжу, якія вяртаецца пры заканчэнні дамовы».

Батумі, Грузія. «Ламалася ўсё, што магло ламацца, і нам прыходзілася гэта рамантаваць»

Вельмі многа беларусаў апынулася і ў Грузіі. Але ўражанні ад арэнды жылля ў гэтай краіне не заўсёды станоўчыя.

«Галоўная выснова за крыху больш чым два месяцы жыцця ў Батумі – там пануе стыль «хай так». І гэта мала залежыць ад кошту. Спачатку мы жылі ў студыі метраў на 40 за больш чым 500 еўра. Адзіны плюс гэтай кватэры – від з балкону адначасова на горы і на мора. У астатнім – дзіўны кошт за такі стан кватэры. Танныя матэрыялы для касметычнага рамонту, каб было прыгожа на фота. Ламалася ўсё, што магло ламацца, і нам прыходзілася гэта рамантаваць: паліцы, карніз, парог у ванную, кухонная мыйка, шафа. Калі мы засяліліся, у кватэры было брудна. Апошняй кропляй стала, калі з дзіркі побач з трубой, якая адыходзіць ад унітазу, пачалі лезці нейкія чэрві. Магчыма, гэта па прычыне пастаяннай вільгаці, не ведаю. А вільгаць сапраўды страшная. Сёлета вельмі часта ідуць дажджы ў Батумі».

Паводле мясцовай беларускі, у кастрычніку, па заканчэнні турыстычнага сезону ў Батумі зніжаюцца кошты, аднак у такой сітуацыі варта быць уважлівымі.

«Мы з’ехалі ў значна таннейшы домік, за 130 еўра, у старым горадзе. У першую ж ноч павылазілі касякі: вокны цалкам не зачыняліся, кандыцыянеры не працавалі, душ быў зламаны, абагравальнік таксама. Гаспадыня спаслалася на тое, што гэта папярэднія жыльцы зламалі, а ў яе не было часу адрамантаваць. Мы хутка зразумелі, што ў такім холадзе і вільгаці мы жыць не зможам, на раніцу сказалі, што зʼязджаем, і папрасілі вярнуць грошы. На што пачулі шмат непрыемных рэчаў, самае агіднае – «валіце ў сваю Беларусь, адкуль вас выгналі». Грошы вяртаць гаспадыня адмовілася, сказала, што мы ніяк не дакажам, што ўвогуле перадавалі ёй грошы. Таму, канешне, лепш афіцыйна заключаць дамову на арэнду. Але тут такое вельмі не любяць, часцей здаюць неафіцыйна».

Цяпер сям’я здымае студыю за 120 еўра, але ў новай кватэры таксама існуюць праблемы з рамонтам. Па выніку свайго досведу беларусы дзеляцца парадамі па пошуку жылля ў Батумі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. фота: ЮШ / Белсат

«Усё добра глядзець у кватэры перад тым, як аддаць за яе грошы. Лепш за ўсё, калі ёсць цэнтральнае ацяпленне ці з газавая калонка, тады будзе і цёпла зімой, і камуналка будзе меншай, чым калі кватэра абаграваецца проста кандыцыянерамі. Ну і лепш за ўсё шукаць праз знаёмых, а не на сайтах, як паказвае досвед, так знаходзяцца самыя лепшыя варыянты».

Чытач Мікалай дзеліцца сваім вопытам:

«Гэтым летам мы прыжылі ў Грузіі 6 тыдняў, і за гэты час змянілі пяць кватэраў. На гэта былі розныя прычыны, але толькі адна з гэтых кватэр была цалкам непрыгодная для жытла. Каб знайсці добрую кватэру трэба яе пашукаць, і потым паглядзець на месцы, бо тое што ёсць на фота можна значна адрознівацца ад таго, што будзе ў рэальнасці. Гэта можа заняць ад некалькіх гадзінаў да тыдня. Але грузіны вельмі хутка вырашаюць пытанні. І калі нас кінулі з адной кватэрай, то іншыя даволі хутка прапанавалі добрыя варыянты, дапамаглі перавезці рэчы, і яшчэ зрабілі зніжку. Калі ў Батумі здымаць жытло на год, то спакойна можна знайсці нармальную кватэру за 150 долараў на месяц, калі гэта будзе летам, то кошты значна растуць.У цэлым грузіны ставіліся да нас вельмі прыязна, усё ведалі, што ў нас адбываецца».

Берлін, Нямеччына. Цэны ад 700 да 2500 еўра

Чытачы паведамляюць, што цэны на здымныя кватэры ў нямецкай сталіцы самыя розныя, але вагаюцца ў межах ад 700 да 2500 еўра за месяц. Пакой у Берліне можна зняць за 250-600 еўра. Цана ў першую чаргу залежыць ад раёну. Да гэтых сумаў варта дадаць яшчэ па 100-150 еўра за камунальныя паслугі.

Стакгольм, Швецыя. Арэнда да 1500 еўра

Нашы чытачы пражываюць і ў сталіцы Швецыі. Па іхных словах, арэнда двухпакаёвай кватэры ў сталіцы каштуе ад 700 да 1500 еўра. Цана залежыць ад года пабудовы, даступнасці грамадскага транспарту і тыпу дамовы. Пакой жа ў сярэднім абыходзіцца ў раёне 500 еўра за месяц. Асобна аплочваецца электрычнасць інтэрнэт і паркоўка, а ацяпленне, вываз смецця і вада ўваходзяць у аплату.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

Балгарыя. Электрычнасць таннейшая, чым у Беларусі

Па словах мясцовых беларусаў, арэнда двухпакаёвай кватэры ў сталіцы краіны Сафіі каштуе каля 450-650 леваў у спальных раёнах (225-325 еўра) і 650-1050 у цэнтры гораду (325-525 еўра). У той жа час у прыморскіх гарадах падобную кватэру можна зняць за 450-700 леваў (225-350 еўра). Дадаткова трэба будзе заплаціць за ваду, электрычнасць і абслугоўванне пад’ездаў. Ацяпляюцца кватэры найчасцей кандыцыянерамі, але электрычнасць тут таннейшая, чым у Беларусі.

ВАЖНА!

Карысныя спасылкі для пошуку жылля за мяжой.

У Польшчы:

  • olx.pl
  • otodom.pl
  • gumtree.pl
  • gratka.pl
  • szybko.pl

Ва Украіне:

  • olx.ua
  • dobovo.com
  • flatfy.ua
  • krysha.ua
  • dom.ria.com

У Літве:

  • domoplius.lt
  • aruodas.lt
  • skelbiu.lt
  • volmis.lt
  • trumpam.lt

У Грузіі:

  • place.ge
  • flagma-ge.com
  • ss.ge
  • geo-home.com
  • gancxadebebi.ge

ВК belsat.eu

Стужка навінаў