Вязні «Воўчых нораў» зрабілі рамонт у калоніі – сваімі рукамі і за кошт сваякоў


Адміністрацыя папраўчай калоніі № 22 («Воўчых нораў») у Івацэвічах выхваляецца паборамі са зняволеных. Асуджаныя зрабілі рамонт сваімі рукамі ў жылой секцыі атрадаў № 4 і № 7, піша MAYDAY.TEAM.

Папраўчая калонія № 22. Фота intex-press.by

Грошы на будматэрыялы і сучасныя асвятляльныя прыборы былі сабраныя, маўляў, «на добраахвотных пачатках». Адказваў за збор сродкаў начальнік атраду № 7 капітан унутранай службы Сяргей Трыбухоўскі.

У кароткія тэрміны асуджаныя сваімі рукамі замянілі электраправодку, зрабілі разводку і мантаж трубаў.

Сцены пафарбавалі ў шэры колер з аранжавым аздабленнем і дэкорам пад камень. Асвятленне змантавалі святлодыёднымі лямпамі, што працуе ў трох рэжымах – верхняе, асноўнае святло і бакавое асвятленне. А адзін з вязняў у розных тэхніках вырабіў на сцяне аб’ёмную дэкарацыйную кампазіцыю ў выглядзе ранішняга лесу з вадаспадам і возерам.

Рамонт зрабілі і ў пакоі для мыцця – замянілі сантэхніку, а падлогу выклалі дэкарацыйнай кафляй з малюнкам пад камень. Можна толькі здагадвацца, у што гэта абышлося сваякам зняволеных.

Пра ўсё гэта адміністрацыя калоніі дазволіла аднаму з актывістаў распавесці ў лісце на адрас газеты «Працоўны шлях» Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС. Гэтае выданне для вязняў выходзіць два разы на месяц з красавіка 1955 года. У свабодным продажы ці ў электронным выглядзе газеты няма, яна даступная толькі падпісальнікам, а падпісвацца на яе прымушаюць саміх зняволеных.

У газеце нават ёсць спецыяльная рубрыка «Рамонт сваімі сіламі», у якой апісваюць розныя варыянты выбівання грошай са сваякоў на правядзенне рамонтаў. У залежнасці ад выдаткаванай сумы хтосьці з асуджаных можа датэрмінова вызваліцца.

Калонія ўзмоцненага рэжыму «Воўчыя норы» апошнімі гадамі стала вядомая тым, што сюды пачалі накіроўваць палітычных вязняў. Раней у калоніі адбывалі пакаранне зняволеныя паводле наркатычных артыкулаў. Акрамя гэтага, адміністрацыя папраўчай установы здаўна праславілася сваёй жорсткасцю і стварэннем невыносных умоваў для асуджаных.

зона.бел
Як самая жорсткая ў краіне калонія «Воўчыя норы» перапрафілявалася з наркатычных на палітычных вязняў
2022.05.27 13:00

Цяпер у калоніі ў Івацэвічах адбываюць тэрміны не менш як 63 палітзняволеныя. Напрыклад, старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які хварэе на анкалогію і зазнае ў калоніі катаванні.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў