Сі Цзінь Пін: Кітай мае намер працаваць з Францыяй для «вырашэння ўкраінскага крызісу»


КНР мае намер працаваць з Францыяй і ўсёй міжнароднай супольнасцю над пошукам шляхоў «вырашэння ўкраінскага крызісу». Пра гэта ў сваёй калонцы для Le Figaro заявіў лідар Кітая Сі Цзінь Пін.

Сі Цзінь Пін.
Фота: ussian.news.cn

Як вядома, лідар Паднябеснай прыбыў у Францыю з двухдзённым візітам. У прыватнасці, ён правядзе перамовы з прэзідэнтам Эманюэлем Макронам.

Кіраўнік КНР, сярод іншага, паабяцаў адкрыць кітайскія рынкі для заходніх кампаній, запэўніў, што разумее стаўкі ўкраінскага крызісу для еўрапейцаў і кажа, што адданы ўзаемнай павазе і мірнаму суіснаванню паміж дзяржавамі.

«Я маю вялікае задавальненне ажыццявіць свой трэці дзяржаўны візіт у Францыю на запрашэнне прэзідэнта Эманюэля Макрона. Для кітайцаў Францыя мае непаўторны шарм. Гэта радзіма многіх вялікіх філосафаў, пісьменнікаў і мастакоў, якія натхнілі чалавецтва», – адзначыў Сі Цзінь Пін.

Паводле яго слоў, ён спадзяецца, што мір і стабільнасць хутка вернуцца ў Еўропу.

«Мы маем намер працаваць з Францыяй і ўсёй міжнароднай супольнасцю, каб знайсці правільныя шляхі вырашэння крызісу», – падкрэсліў лідар Кітая.

Макрон будзе ціснуць на Сі Цзінь Піна падчас візіту лідара Кітая ў Францыю, гаворыцца ў матэрыяле Le Monde. Па дадзеных выдання, перамовы прэзідэнта Францыі з кітайскім калегам будуць прысвечаны падтрымцы кітайскай эканомікай зброевай прамысловасці РФ.

Прэзідэнт Кітая Сі Цзінь Пін наведае Еўропу ўпершыню прыкладна за пяць гадоў на фоне росту напружанасці ў адносінах з Захадам па шэрагу пытанняў, у тым ліку па гандлю, абвінавачванні ў шпіянажы і падтрымцы Расеі.

У сваю чаргу Уладзімір Пуцін прыедзе ў Кітай адразу пасля візіту Сі Цзінь Піна ў Еўропу. Па інфармацыі Bloomberg, гэта будзе першы міжнародны візіт Пуціна пасля пачатку новага тэрміна кіравання.

Hавiны
Сі Цзінь Пін прыбыў у Францыю: што вядома пра яго першы за 5 гадоў візіт у Еўропу
2024.05.05 16:49

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў