Алімпіяда ў Парыжы: беларускія спартоўцы маюць усяго 20 ліцэнзіяў


Нацыянальны алімпійскі камітэт Украіны заклікае адхіліць нашых весляроў ад кваліфікацыйных спаборніцтваў да ўдзелу ў Алімпіядзе, а таксама забараняе ўласным спартоўцам любыя кантакты з беларусамі або расейцамі падчас Гульняў.

«Каб гэтая сітуацыя змянялася, трэба каб голас беларускіх атлетаў быў больш гучным. Гэта тычыцца як антываеннай, так і прадэмакратычнай пазіцыі. Натуральна, тады будзе змяняцца стаўленне і суседзяў, і еўрапейскіх прадстаўнікоў у адносінах да Беларусі ўвогуле і да беларускіх спартоўцаў у прыватнасці», – мяркуе выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін.

Між тым беларусы ўжо дакладна паедуць на Алімпіяду ў Парыж. Днямі ім гэта дазволіў Лукашэнка:

«Гэта справа спартсмена. Але калі ты ўжо адабраўся і едзеш туды ў нейтральным статусе – набі ім морду, пакажы ім, што ты сапраўдны беларус».

Беларусы выступяць у Парыжы ў нейтральным статусе – без сцяга і гімну, а таксама толькі ў індывідуальных відах спорту. У Расеі дасюль вагаюцца, ці варта ехаць на такіх умовах.

«Няма такога вось узроўню гэтай антызаходняй шызы, якая ёсць у Расеі, і больш за тое, мы бачым, што нават калі беларускія спартоўцы ў нейтральным статусе, то Лукашэнка неяк спрабуе гэта выкарыстаць на сваю прапагандысцкую карысць», – разважае палітычны аглядальнік, вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў.

Аднак на Гульні выправіцца рэкордна малая колькасць айчынных атлетаў. Проста цяпер беларусы маюць 20 алімпійскіх ліцэнзіяў. Лік можа крыху падрасці, але ў любым выпадку спартоўцаў будзе не больш за 28 – гэта ліміт з боку Міжнароднага алімпійскага камітэту. Імаверна, Беларусь чакае самая няўдалая ў медальным плане Алімпіяда.

«Калі дапусцяць тых, хто ёсць зараз, можа адзін-два медалі будзе, – кажа чэмпіён свету і Еўропы па самба, вольны спартовец Сцяпан Папоў. – Можа быць у барацьбе атрымаецца ўзяць медаль, можа, калі батутыст паедзе, то там будзе медаль».

Яшчэ адная важная ўмова ўдзелу ў Алімпіядзе – непадтрыманне вайны. Зрэшты, яе актыўнага асуджэння таксама не патрабуюць. Вольныя беларускія спартоўцы, якія выступілі супраць вайны і суўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў ёй, на Алімпіядзе не выступяць. Выключэнне складаюць тыя, хто прыняў грамадзянства іншай краіны.

«Дзейных атлетаў, якія б маглі адабрацца на Алімпіяду (сярод Вольных спартоўцаў), было не так шмат. І некалькі з гэтых атлетаў прадстаўляюць лёгкую атлетыку, а пазіцыя міжнароднай федэрацыі па гэтым відзе спорту вельмі прынцыповая, – зазначае Аляксандр Апейкін. – Яна тычыцца нядопуску ўсіх атлетаў, якія маюць беларускае грамадзянства, без выключэння ўвогуле».

Канчатковы спіс удзельнікаў Гульняў ад Беларусі стане вядомы напярэдадні Алімпіяды. Яна пройдзе ў сталіцы Францыі з 26 ліпеня да 11 жніўня.

Ян Федаровіч, «Белсат»