Гвалт, забойствы, рабаванні і катаванні на мяжы. Следчы камітэт Беларусі вінаваціць у гэтым неназваных службовых асобаў суседніх краінаў Еўразвязу. Распачатыя тры крымінальныя справы.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
«У ідэале, з пункту гледжання ўладаў Беларусі, гэты кейс варта было б выкарыстоўваць у міжнародных арганізацыях», – мяркуе доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.
Таксама Следчы камітэт назваў лічбы загінулых падчас незаконных спробаў трапіць з Беларусі ў Еўразвяз. Адзінаццаць асобаў на мяжы з Польшчай, дванаццаць – з Літвою і шаснаццаць – з Латвіяй.
«Лукашэнка і ягоныя супрацоўнікі выкарыстоўваюць мігрантаў як інструмент: прымусова прывозяць гэтых людзей на мяжу і перакідваюць на іншы бок. Але польскія і літоўскія памежнікі таксама не могуць фізічна вывозіць людзей, якія папрасілі сховішча ў дадзенай краіне», – кажа польскі палітолаг Кацпэр Ваньчык.
Калі менавіта былі заведзеныя крымінальныя справы, дакладна невядома. Але сам факт іх існавання агучылі менавіта цяпер.
«Увесь час ідуць спробы перасекчы мяжу, але зараз з-за пацяплення нас можа чакаць вялікая хваля мігрантаў і мы бачым падрыхтоўку да гэтай хвалі», – разважае Кацпэр Ваньчык.
Адметна, што некалькі тыдняў таму наконт смерцяў мігрантаў на мяжы Лукашэнка выказаўся на сустрэчы з Пуціным:
«Больш за ўсё мяне хвалюе палітыка польскага кіраўніцтва. Навошта ім гэтая канфрантацыя? Цяпер снег растаў, трупы валяюцца проста на мяжы».
Лукашэнку днямі адказаў кіраўнік польскага Міністэрства замежных справаў Радослаў Сікорскі:
«Лукашэнка скасаваў візавы рэжым для шэрагу краінаў, якія мы ў Еўразвязе лічым крыніцамі міграцыйных рызык. Мігрантаў прывозяць на аўтобусах, спансаваных рэжымам, на мяжу, а затым беларускія памежнікі прымушаюць іх спрабаваць перайсці мяжу Польшчы і ЕЗ. Магчыма, яны спадзяюцца прымусіць нас заплаціць нейкі выкуп. Нам нельга паддавацца гэтаму шантажу».
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з краінамі Еўразвязу з рознай ступенню інтэнсіўнасці трывае з 2021 года. Тады, пасля ўвядзення супраць нашай краіны санкцыяў праз прымусовую пасадку самалёта «Ryanair», Лукашэнка анансаваў выхад з памежных дамоваў наконт незаконных мігрантаў:
«Хлопцы, гэтага не будзе пасля той палітыкі, якую вы праводзіце ў адносінах да Беларусі і Расеі».
Першапачаткова мігранты з краінаў Азіі і Афрыкі кіраваліся праз Беларусь у Літву, але ўвосень таго ж года яны заатакавалі польскую, а потым і латвійскую мяжу. Як вынік, краіны-суседкі зачынілі большасць памежных пераходаў, а да таго ж усталявалі плот на межах з Беларуссю. Выглядае, цяпер менскі рэжым спрабуе пераламаць сітуацыю.
«Гэтую тэму можна выкарыстоўваць, каб заходзіць у інфармацыйную прастору суседняй краіны, гуляць на полі праваабарончых арганізацыяў, левых арганізацыяў, – мяркуе Андрэй Казакевіч. – І аказаць нейкі дадатковы ціск на ўлады суседніх краінаў».
Упершыню пра забойствы на мяжы паведаміў Эміль Чэчка – польскі жаўнер, які дэзерціраваў з войска і выправіўся ў Беларусь. Там ён трапіў да прапагандыстаў, якім заявіў, што ўласнаручна расстрэльваў мігрантаў:
«Ніколі не было такой сітуацыі, каб мы праводзілі мігрантаў і іх не забілі. Мы заўсёды забівалі».
Зрэшты, неўзабаве ў Менску Чэчку абвясцілі памерлым праз самазабойства, а факты расстрэлаў мігрантаў польскімі жаўнерамі Следчы камітэт не пацвердзіў. Ведамства Андрэя Шведа вінаваціць памежнікаў суседніх краінаў у прымусовым адцісканні мігрантаў назад у Беларусь.
Ян Федаровіч, «Белсат»