Ганна Хітрык прэзентавала новы альбом «Цень»


Гэта першы альбом і першыя канцэрты Ганны Хітрык пасля пераезду ў Ізраіль. Новыя песні ўжо не такія радасныя, як у ейных ранейшых гуртоў «ДзеціДзяцей» і «S°unduk».

Новы альбом «Цень», які Ганна Хітрык выдала з гуртом «Ань Хитрик band», ужо можна бясплатна паслухаць на ейным сайце, там жа купіць за 45 шэкеляў (каля 14 долараў). Неўзабаве альбом мае з’явіцца на розных онлайн-пляцоўках.

Пасля прэзентацыі Хітрык расказала выданню Naviny.by, што думала пра Беларусь, калі пісала песню «Надзея», бо любіць людзей, якія там жывуць.

«Калі ў мяне пытаюць пра Беларусь, першая карцінка, якая ўсплывае, — забітыя, пакалечаныя, пабітыя, – кажа Хітрык. – Гэта жахліва, што першай асацыяцыя не родныя асобы, дом, сцэна Купалаўскага. Я бачу боль, кроў, знішчэнне. У мяне адчуванне, што гэта не гвалт, гэта знішчэнне. Гэта страшна, бо беспакарана».

Яна дадала, што жыве ў Ізраілі, які перабывае ў перманентным стане вайны, але адчувае сябе там у большай бяспецы, чым у Беларусі. У Беларусь яна не думае вяртацца яшчэ і таму, што ў Ізраілі можа забяспечыць лепшае жыццё сыну з аўтызмам.

***

Ганна Хітрык пачала спяваць з гуртом «ДзеціДзяцей» у 2005 годзе разам з іншымі акторамі Купалаўскага тэатру. Гурт выдаў тры альбомы і канцэртны DVD, апошнюю кружэлку «Рух» назвалі найлепшым альбомам 2010 года на прэміі парталу Experty.by. Пасля распаду першага гурта Хітрык сабрала новы гурт «S°unduk», з якім запісала яшчэ шэсць альбомаў, пры тым першы ж, «Том першы», назвалі альбомам года на дзяржаўнай музычнай прэміі «Ліра» ў 2011 годзе.

Падчас пратэстаў 2020 года Ганна Хітрык выконвала песні, каб падтрымаць беларусаў.

АА belsat.eu

Стужка навінаў