Кіраўнік беларускага МЗС: «У Літвы рыльца ў пуху»


Кіраўнік беларускага МЗС абвінаваціў Літву ў тым, што яна фінансуе каляваенныя ваенізаваныя фармаванні на сваёй тэрыторыі, і пракаментаваў «эмацыйную рэакцыю» кіраўніцтва літоўскай дзяржавы на заявы Церцеля пра атакі дронамі Беларусі з ейнай тэрыторыі.

Кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік.
Фота: МИД Беларуси / Facebook

«Нам здаецца, што такая эмацыйная рэакцыя МЗС Літвы базуецца на тым, што рыльца ў іх у пуху, і пра гэта сведчаць факты падрыхтоўкі і фінансавання каляваенных ваенізаваных фармаванняў на тэрыторыі Літвы», – сказаў Сяргей Алейнік у інтэрв’ю «РИА Новости».

Нагадаем, што 26 красавіка літоўскі МЗС уручыў ноту пратэсту часоваму паверанаму ў справах Беларусі Яраславу Хмылю ў сувязі з заявамі старшыні КДБ Беларусі Івана Церцеля, зробленымі на Усебеларускім народным сходзе 25 красавіка, пра нібыта пагрозы для Беларусі, «якія зыходзяць з Літвы, у тым ліку пра нібыта ўдары ваенных беспілотнікаў з тэрыторыі Літвы па аб’ектах на тэрыторыі Беларусі і іншыя падобныя бяздоказныя інсінуацыі».

У літоўскім МЗС сказалі, што ў такіх заявах няма нічога агульнага з рэчаіснасцю, і запатрабавалі ад МЗС Беларусі неадкладнага абвяржэння дэзынфармацыі.

Адразу пасля заявы Церцеля прадстаўнік Дэпартаменту стратэгічных камунікацыяў Узброеных сілаў Літвы маёр Гінтаўтас Цюніс назваў гэтыя заявы «трызненнем».

У той жа час да журналістаў «Белсату» трапіў ліст на бланку Дэпартаменту Нацыянальнай Бяспекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінету за подпісам Валерыя Сахашчыка, дзе было напісана, што ёсць інфармацыя пра планаваныя напады на абʼекты крытычнай энергетычнай інфраструктуры Беларусі.

Пазней Сахашчык пракаментаваў ліст з ягоным подпісам, дзе гаворыцца аб планаваных нападах на аб’екты крытычнай энергетычнай інфраструктуры Беларусі. Паводле Сахашчыка, ён распаўсюдзіў гэты ліст, каб перадухіліць магчымыя негатыўныя падзеі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў