Бягуння Крысціна Ціманоўская заваявала алімпійскую ліцэнзію ў складзе зборнай Польшчы


Беларуская бягуння Крысціна Ціманоўская, якая выступае за Польшчу, заваявала пуцёўку на Алімпійскія гульні, якія пройдуць у Парыжы 26 ліпеня – 11 жніўня 2024 года.

Крысціна Ціманоўская.
Фота: Крысціна Ціманоўская/Instagram

Ліцэнзію спартсменцы прынёс забег 5 траўня ў складзе эстафеты 4 × 100 м на чэмпіянаце свету, які праходзіць на Багамскіх выспах. Польская жаночая чацвёрка прабілася ў гэтай дысцыпліне ў фінал. Траплянне ў топ-2 у адборачным забегу забяспечыла зборнай Польшчы пуцёўку на Алімпіяду-2024 у Парыжы. Найбліжэйшай ноччу каманда будзе змагацца за медаль чэмпіянату свету.

Крысціна Ціманоўская, якая раней уваходзіла ў беларускую зборную, атрымала шырокую вядомасць пасля скандалу на Алімпійскіх гульнях 2021 года ў Токіа. Спартсменка раскрытыкавала кіраўніцтва беларускай каманды за тое, што яе разам з іншымі спартоўкамі хацелі паставіць бегчы эстафету на той дыстанцыі, якую яна ніколі не бегала. Пасля таго яе адхілілі ад спаборніцтваў і спрабавалі вывезці ў Беларусь, але яна адмовілася пакінуць Японію і папрасіла міжнароднай абароны. Пазней спартсменка пераехала ў Польшчу і атрымала грамадзянства гэтай краіны. Цяпер яна выступае на міжнародных спаборніцтвах за польскую зборную.

Крысціна Ціманоўская акрамя іншага балатуецца ў Каардынацыйную раду ад групы «Закон і правапарадак» (лідар Аляксандр Азараў).

Шчыра кажучы
Заробак $ 15 000, месца ў вар’ятні, спецаперацыя на Алімпіядзе. На паліграфе – Ціманоўская
2023.05.02 16:18

Яшчэ дзве беларускія спартсменкі маюць шанцы кваліфікавацца на Алімпіяду ў складзе Польшчы – скакуха ў вышыню Марыя Жодзік і конніца Вольга Сафронава.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў